На шляху пошуку і адкрыццяў

На шляху пошуку і адкрыццяў

На шляху пошуку і адкрыццяў

Вынаходзіць і ўвасабляць ідэі ў жыццё, укараняць высокатэхналагічныя распрацоўкі ў эканоміку, ісці ў нагу з сусветным прагрэсам — такія задачы сёння стаяць перад супрацоўнікамі навукова-даследчага сектара Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Францыска Скарыны.

Руслан БАРОДЗІЧ, кіраўнік навукова-даследчага сектара ГДУ:

“Сёння ва ўніверсітэце паспяхова дзейнічаюць Навукова-даследчы фізіка-хімічны інстытут і НДІ гісторыі і культуры ўсходнеславянскіх народаў. Яшчэ 16 лабараторый займаюцца навуковымі даследаваннямі ў розных галінах ведаў”.

Загад Міністэрства вышэйшай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі БССР аб стварэнні навукова-даследчага сектара пры Гомельскім дзяржаўным універсітэце быў выдадзены 50 гадоў назад, 26 лютага 1971 года. Сектар уключаў чатыры супрацоўнікі, яго начальнік быў прызначаны толькі ў верасні.

Адкрыццё падраздзялення для каардынацыі навуковых даследаванняў стала лагічным вынікам развіцця гэтай дзейнасці ва ўніверсітэце ў папярэдні перыяд (ГДУ ўтвораны на базе педінстытута ў 1969 го­дзе). Ужо ў 1954 годзе пачалі выходзіць “Вучоныя запіскі” Гомельскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя В.П.Чкалава. Тады з дзяржаўнай бібліятэкі СССР імя У.І.Леніна ў інстытут прыйшоў запыт з прапановай даслаць экзэмпляр часопіса. З аналагічнай просьбай звярнуліся і амерыканскія вучоныя, якіх зацікавіў артыкул па заалогіі Паўла Лявіцкага.

— Першая гаспадарча-дагаворная тэма — “Даследаванне характарыстык і ўласцівасцей палімерных пакрыццяў і плёнак аптычнымі і спектральнымі метадамі” — з’явілася ў Гомельскім педінстытуце ў 1968 годзе. Даследаванне праводзілася па заказе АН БССР, аб’ём фінансавання складаў 300 рублёў. Праз год у ГДУ выконваўся па-ранейшаму а­дзін гаспадарчы дагавор, але аб’ём фінансавання складаў ужо 3800 рублёў, — расказвае прарэктар па навуковай рабоце ГДУ, доктар тэхнічных навук, прафесар Алег Дземідзенка.

Пасля стварэння новага падраздзялення навуковыя даследаванні ва ўніверсітэце актывізаваліся. Хутка рос аб’ём фінансуемай навуковай тэматыкі. Цяперашні кіраўнік навукова-даследчага сектара ГДУ, кандыдат фізіка-матэматычных навук, дацэнт Руслан Бародзіч прыводзіць факты:

— У 1974 годзе з’явіліся першыя навукова-даследчыя лабараторыі на грамадскіх пачатках. А ў 1977 годзе адкрываецца першая галіновая лабараторыя “Электрадынаміка складаных часціц”. Таксама адной з першых ва ўніверсітэце была створана НДЛ сістэмнага праграмавання. У 1978 го­дзе ўтварылася вучэбна-навукова-вытворчае аб’яднанне “ГДУ — ГПК “Прамень” — Гомельскі радыёзавод”.

Праз год у ГДУ пачало працаваць вучэбна-навукова-вытворчае аб’яднанне “Флора Палесся”, у склад якога ўвайшоў больш як дзясятак арганізацый. Сіламі аб’яднання распрацоўваліся прынцыпы і метады аховы і рацыянальнага выкарыстання жывёльнага свету рэгіёна. Таксама аб’яднанне адыграла важную ролю ў стварэнні пры ўніверсітэце заалагічнага музея.

У сярэдзіне 70-х гадоў універсітэт пачынае развіваць навуковае супрацоўніцтва на міжнародным узроўні.

Алег ДЗЕМІДЗЕНКА, прарэктар па навуковай рабоце ГДУ:

“У 2020 годзе выкладчыкамі і супрацоўнікамі ўніверсітэта апублікаваны 52 манаграфіі і 32 зборнікі навуковых артыкулаў і матэрыялаў канферэнцый. Надрукаваны 1944 артыкулы, у тым ліку 679 — у замежных часопісах і зборніках. Нашы студэнты і магістранты прачыталі 1842 даклады і апублікавалі 2037 навуковых прац”.

— У 1975 годзе ўпершыню ў гісторыі ГДУ ў замежнай каман­дзіроўцы, звязанай з выкананнем навуковага даследавання, знахо­дзіўся тагачасны загадчык кафедры механікі Васіль Стаўроў. Ён працаваў у Інстытуце перапрацоўкі пластмас у нямецкім горадзе Аахен, — працягвае размову Алег Міхайлавіч. — У 1976 годзе два экспанаты, створаныя нашымі навукоўцамі, былі прадстаўлены на выс­таве ў Вене.

Праз дзесяць гадоў пасля стварэння навукова-даследчага сектара ГДУ колькасць яго штатных супрацоўнікаў складала ўжо 122 чалавекі, функцыянавала 11 навуковых лабараторый. На пачатку 1981 года 45% універсітэцкіх выкладчыкаў мелі вучоную ступень.

У 1984 годзе з’яў­ляюцца першыя лабараторыі ГДУ на прад­прыемствах: Гомельскім маторарамонтным заводзе і Рэчыцкім метызным заводзе. У гэтым жа годзе створаны навукова-тэхнічны савет універсітэта.

Начальнік планава-эканамічнага аддзела Вольга Любезная ўспамінае, як яна працавала ў навукова-даследчым сектары з сярэдзіны 80-х гадоў да пачатку 90-х:

— У той час выконваліся вялізныя аб’ёмы работ па сур’ёзнай тэматыцы. Усё перадавое, новае было тут. Да нас прыязджалі высокакваліфікаваныя спецыялісты, пераважна кандыдаты навук. Яны ўзбагацілі малады ўніверсітэт новымі напрамкамі, распрацоўкамі, навуковымі школамі. Адкрываліся новыя спецыяльнасці, актывізавалася сумесная дзейнасць з прадпрыемствамі саюзнага значэння, асабліва ў высокатэхналагічнай абароннай прамысловасці.

Разам з Вольгай Васільеўнай успамінамі дзеліцца член-карэспандэнт НАН Беларусі, доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар Анатоль Сердзюкоў, які пэўны час займаў пасаду прарэктара па навуковай рабоце:

— Памятаю, як фарміраваліся навуковыя школы. Напрыклад, па фізіцы былі два напрамкі. Групу па лазерных тэхналогіях узначальваў Аляксей Малашчанка. Мы цалкам перааснасцілі Кусінскі завод дакладных тэхнічных камянёў. Антэнным напрамкам кіравалі Ігар Дабравольскі і Уладзімір Мязгайлаў. Напрыканцы савецкага часу з Сібіры ў Гомель было пераве­дзена канструктарскае бюро сістэмнага праграмавання, працавалі завод “Прамень” і НДІ “Прамень”, з якімі мы супрацоўнічалі. Цесна ўзаемадзейнічалі з гомельскім прадпрыемствам “Карал”, а таксама з прадпрыемствамі ў Кіеве, Саратаве, Ерэване, выконвалі нават заказы для касмічных праграм.

З 2000 года ў Гомельскім дзяржаўным універсітэце выдаецца часопіс “Весці ГДУ імя Францыска Скарыны”, а з 2009 года — “Праблемы фізікі, матэматыкі і тэхнікі”.

Сёння навукова-даследчы сектар універсітэта паспяхова выконвае работу па арганізацыі і каардынацыі навуковых даследаванняў, навукова-тэхнічнай і інавацыйнай дзейнасці. У яго склад увахо­дзяць Рэгіянальны цэнтр маркетынгу, Цэнтр калектыўнага карыстання па экалагічным маніторынгу і даследаванні складу і ўласцівасцей рэчываў з чатырма навукова-даследчымі лабараторыямі.

У ГДУ дзейнічаюць два навукова-даследчыя інстытуты: гісторыі і культуры ўсходне­славянскіх народаў, кіраўніком якога з’яўляецца доктар філалагічных навук прафесар Аляксандра Станкевіч, і фізіка-хімічны інстытут пад кіраўніцтвам члена-карэспандэнта НАН Беларусі прафесара Аляксандра Рагачова. Яшчэ 16 лабараторый займаюцца навуковымі даследаваннямі ў розных галінах ведаў.

— Асабліва паспяховы праект такога кшталту — Кітайска-Беларуская навуковая лабараторыя па вакуумна-плазменных тэхналогіях. Яе навуковы кіраўнік з беларускага боку — член-карэспандэнт НАН Беларусі прафесар Аляксандр Рагачоў, а з кітайскага — рэктар Нанкінскага ўніверсітэта прафесар Ван Сяофэн, — расказвае Руслан Бародзіч. — Навуковае супрацоўніцтва з польскімі вучонымі ажыццяўляецца ў рамках Польска-Беларускай навуковай лабараторыі золь-гель матэрыялаў і тэхналогій, створанай сумесна з Інстытутам нізкіх тэмператур і структурных даследаванняў імя В.Тжэбятоўскага Польскай акадэміі навук. Навуковы кіраўнік міжнароднай лабараторыі з беларускага боку — загадчык кафедры оптыкі дацэнт Уладзімір Гайшун, з польскага — прафесар Веслаў Стрэнк.

Прарэктар па навуковай рабоце Алег Дземідзенка ўдакладняе, што ў мінулым годзе ва ўніверсітэце выконвалася 165 навукова-даследчых работ. Агульны аб’ём фінансавання склаў 1,68 млн рублёў. Рэалізоўваюцца навуковыя праекты з Украінай, Польшчай, Карэяй, Румыніяй, Малдовай, Расіяй, Арменіяй, Кітаем.

Паводле даных сусветнага навуковага рэйтынга Webometrics, ГДУ імя Францыска Скарыны трывала ўваходзіць у 4 тысячы лепшых універсітэтаў свету (сярод 28 тысяч устаноў вышэйшай адукацыі) і займае 4 месца сярод беларускіх універсітэтаў.

Мікалай МЯЗГА,
доктар гістарычных навук, прафесар;
Кацярына КАВАЛЕНКА.
Фота Кацярыны КАВАЛЕНКА і Уладзіміра ЧЫСЦІКА.

https://nastgaz.by/na-shlyahu-poshuku-i-adkrytstsyau/

News Maker :)

Обсуждение закрыто.
Авторизация
*
*
Генерация пароля